04/05/2009
Прадмова
Рэлігійнае жыццё ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца яе шматнацыянальным і шматканфесійным станам. У нашай краіне, разам з асноўнымі хрысціянскімі (праваслаўнай і каталіцкай) канфесіямі, існуе вялікая колькасць нешматлікіх рэлігійных аб’яднанняў, дзейнасць якіх звычайнаму чалавеку малавядомая. Адной з такіх рэлігійных суполак з’яўляецца Царква хрысціян веры Апостальскай, якая мае сваю філію ў Мастах. Гэтая плыня ў хрысціянстве ўзнікла ў пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі. Заснавальнікам Царквы лічыцца М. П. Смародзін, кіраўнік евангельскай абшчыны ў Хельсінкі. У 1913 годзе ён сустрэўся з амерыканскім місіянерам Уршанам, ад якога пераняў новыя рэлігійныя ідэі і стварыў у Пецярбургу першую абшчыну евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Асновай яго веравучэння з’яўляецца тое, што сябры Царквы вераць у адзінага Бога Іісуса Хрыста, адмаўляючы тройнасць Бога. У Хрысце, па іх меркаванню, увасоблены і Бог-Айцец, і Бог-Сын, і Бог-Дух Святы. Пачынаючы з 1914 года новае веравучэнне распаўсюджваецца ў Маскоўскай, Ноўгарадскай, Вяцкай, Віцебскай, Магілёўскай губерніях Расійскай імперыі. Але пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Расіі і прыходу да ўлады бальшавікоў з іх культам атэізму пачаліся рэлігійныя ганенні на хрысціянскія канфесіі. М. П. Смародзін выехаў у Польшчу, дзе на тэрыторыі Заходняй Украіны, на Валыні, заснаваў абшчыну хрысціян у духу апостальскім. Паступова вучэнне распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі усходняй Польшчы. У верасні 1939 года – па прыходзе савецкай улады ў Заходнюю Украіну і Беларусь – Смародзін быў арыштаваны і рэпрэсіраваны. Царква “Хрысціяне веры Апостальскай” змагла аднавіць сваю дзейнасць толькі ў нашыя дні. Па стану на 2005 год на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 9 абшчын. Адна з іх знаходзіцца ў горадзе Масты. Прапануем увазе чытачоў гісторыю ўзнікнення мясцовай абшчыны, прадастаўленую нам яе прасвітарам М. П. Язерскім, за што і выказваем яму шчырую падзяку.
Павел Габрусевіч
Царква "Хрысціяне Веры Апостальскай"
У 1914 годзе, калі пачалася Першая Сусветная вайна, многія жыхары беларускіх весак пакідалі сваё жыллё і ўцякалі ў Расію. Царскімі ўладамі была распаўсюджана прапаганда, што немцы будуць усяляк здзеквацца над праваслаўным насельніцтвам краю. Тысячы людзей выехалі ў добраахвотнае бежанства ў глыб Расійскай імперыі. Паехалі і жыхары вёскі Ханявічы, якая цяпер уваходзіць у склад Скідальскага пасялковага Савета Гродзенскай вобласці. У іх ліку былі яшчэ зусім маладыя браты Ігнат і Аляксей Казячыя. У час жыцця на Паволжжы яны сустрэліся з прапаведнікам Евангелля Мікалаем Пятровічам Смародзіным, ад якога яны перанялі новае веравучэнне і хрысціліся ў імя Іісуса Хрыста.
Пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны на Паволжы ўзнік голад, пачалася грамадзянская вайна, і беларусы вярталіся на сваю Радзіму, у Заходнюю Беларусь, якая ў той час ужо была пад уладаю Польшчы. Вярнуліся і браты Казячыя. Яны пачалі прапаведаваць у нашых мясцінах веру, якую перанялі ад Мікалая Пятровіча Смародзіна. Было гэта на пачатку 20-х, дзесьці у 1921-1923 гадах. Ад іх веравучэнне распаўсюдзілася спачатку ў весках Вялікія Сцяпанішкі, Дзенькаўцы, у весцы Грамавічы (цяпер Шчучынскага раена), а затым і ў іншых вёсках.
Спачатку веруючых было няшмат, але да 1929 года іх колькасць значна павялічылася, таму 1929 год прынята лічыць як год заснавання нашай царквы. Богаслужэнні праводзіліся ў хатах веруючых, але з цягам часу ўзнікла патрэба ў малітоўным доме, і ў 1946 годзе пачалося будаўніцтва дома на вуліцы Вакзальнай у горадзе Масты.
Будаваць пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны было цяжка, таму праца гэтая працягвалася 7 гадоў, і толькі на пачатку 1953 года пачаліся праводзіцца Богаслужэнні ў новым малітоўным доме. Быў ён зроблены з дрэва памерам 7#16 метраў. У адной частцы гэтага дома жыла сям`я прасвітара царквы. Цяжкім было жыццё нашай царквы ў той час. Савецкая ўлада імкнулася скасаваць веру ў Бога, навязвала веруючым сваю волю. Усё рабілася для таго каб кіраваць царквой і паступова знішчыць рэлігію зусім. Забаранялі бацькам прыводзіць дзяцей на Богаслужэнні, вучыць дзяцей веры. Дазвалялася воднае хрышчэнне толькі ў 30 гадоў і толькі з дазволу ўпаўнаважанага па справах рэлігіі. Сілком прымушалі ўступаць у піянеры і камсамол, а як хто не жадаў, таму заніжалі адзнакі па прадметах. Веруючых звальнялі з працы, не дапускалі вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Нарэшце у 1960 годзе ліквідавалі рэгістрацыю нашай царквы і пачалі шукаць прычыну, каб разбурыць і малітоўны дом. Рэгістрацыю ліквідавалі за тое, што прасвітар хрысціў 7 маладых юнакоў без дазволу ўпаўнаважанага па справах рэлігіі.
Вельмі хутка знайшлі падставу для таго, каб разламаць і будынак. Відаць, гэта было задумана даўно, бо як рабіліся дакументы на дом, на рукі не аддалі тэхнічны пашпарт будынка. Сказалі, што лепей няхай ён будзе ў нас, г. зн. у БТІ. А як завялі судовую справу, сталі патрабаваць тэхнічны пашпарт. І паколькі веруючыя яго прадставіць не змаглі, суд прызнаў дом безуладарным і зрабіў маёмасцю камунгаса. Загадалі будынак разабраць, перавезці ў веску Масты Правыя і зрабіць з яго клуб. Там ён і стаіць па сённяшні дзень, толькі абклалі цэглай і патынкавалі.
Такім чынам, на працягу 15 гадоў мы не мелі рэгістрацыі, хаця ўсе гэтыя гады хадайнічылі аб ёй. Не маглі збірацца разам, каб памаліцца, бо за намі сачылі і штрафавалі неаднаразова. Толькі восенню 1975 года мы атрымалі вусны дазвол на правядзенне Богаслужэнняў. Збіраліся ва ўласных хатах, а калі стала немагчыма, бо колькасць членаў павялічылася, пачалі хадайнічаць аб дазволе купіць які-небудзь будынак ці пабудаваць новы. Цягнулася гэтая справа 10 гадоў, з пачатку 1979 да жніўня 1989 года, калі, нарэшце, нам дазволілі пабудаваць новы будынак на вуліцы Вакзальнай, на тым самым месцы, дзе стаяў разбураны ў 1960 годзе.
У цяперашні час становішча змянілася карэнным чынам. Адносіны паміж мясцовымі ўладамі і царквой дабразычлівыя, мірныя. Па ўзнікаючых пытаннях заўсёды знаходзіцца паразуменне, заканадаўства забяспечыла нашым веруючым роўныя правы з іншымі канфесіямі. За гэта мы вельмі ўдзячны Богу і жадаем нашай краіне шчасця і росквіту, каб як мага болей людзей нахілілася да веры ў Бога, да веры жывой, а не змярцвелай, да веры, якая пабуджае і рухае чалавека рабіць толькі добрае ўсім людзям, каб імкнуліся толькі да міру і ласкі з ўсімі, каб адварочваліся ад усялякага зла і Бог благаславіць наш край.
М. П. Язерскі, "Сцежкамі Мастоўшчыны", №3 2008 год

