26/04/2009 Лявон Карпович
Луна-час пакуты
“І ня бойцеся тых, што забіваюць цела,
але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся
болей Таго, Хто можа і душу, і цела
згубіць у геене.”
Мацьвея, 10. 28.
Трагічны лёс не спыніўся на Яне Каменьскім, але ў сваёй незразумелай несправядлівасьці падоўжыўся на яго нашчадкаў.
Ян Каменьскі-паўстанец і цывільны кіраўнік Луненскай акругі ў паўстаньні 1863г. З каханай жонкай Лявоніяй-Лоцяй з Сузінаў мелі, акрамя памёршага ў Сібіры навароджанага сынка, яшчэ тры дачкі. Старэйшая Янка вучылася на курсах у Пецярбургу. Вярнуўшыся ў Мінявічы, пачала тайком вучыць дзяцей, за што была арыштавана і, захварэўшы на сухоты, памерла.
Пасьля сьмерці Яна і Лоці іх дочкамі Стасяй і Мар’яй заапекавалася Эліза Ажэшка. Аб Стасі Каменьскай пісала так: “Адна з найлепшых істот, якіх знаю, а цяпер для мяне найбліжэйшых”. Але і Стася не вызначалася добрым здароўем.Жыцьцё ў Мінявічах для яе было больш спрыяльным, чым у Гародні. Вышла замуж у 43-гадовым узросьце за дробнага шляхціца, учцівага і прыстойнага чалавека Клеманса Стралкоўскага. Падобна да прарочага апісаньня ў “Над Нёмнам”.
Мар’я, ці як яе называлі-Манюся, вучылася ў “тайным універсітэце”, арганізаваным Элізай Ажэшка, на курсах гісторыі і літаратуры. У 1900г. Вышла замуж за Андрэя Дмахоўскага і ліставалася з Элізай Ажэшка, якая з чуласьцю ёй пісала: “Часта ў дамовым кругу нашым успамінаем цябе з чуласьцю і жаданьнем, каб табе як найлепш было на сьвеце”. У яе дачкі Ванды Дмахоўскай на Варшаўскай Ахоце на вуліцы 1 жніўня захаваўся збаночак і некалькі кубкаў, дзе ружовыя матылькі лятаюць над залатымі ружамі. Гэта з Мінявіч. А яшчэ мініяцюра з вобразам бацькі Яна Каменьскага паўстанца Юзафа маршалка Гарадзенскай шляхты, які пахаваны ў Луне ля касьцёла.Ёсьць фота з паблёклым лесам крыжоў. Гэта сібірскія магілы паўстанцаў і іх блізкіх. Многа фатаграфій з Мінявіч-правобраза Корчына з рамана “Над Нёмнам”. У Стасі і Клеманса лёс патачыўся, як у большасьці жыхароў Беларусі. У 1904г. Нарадзілася дачка Соф’я, у 1905-сын Казімір.
У гады Першай Сусветнай вайны быў спалены двор, дзе пані Эліза Ажэшка пісала “Над Нёмнам”. Цэлым застаўся дом Клеманса Стралкоўскага ў Багатырэвічах. Летам 2008г. пачалося і цалкавітае яго знішчэньне. Ужо стаіць ён без даху...Але выкупіць дом зацікаўленым грамадскім арганізацыям улады не дазваляюць.
У Казіка закахалася Ханя Букавіцка, якая вярнулася аж з Ташкента, куды былі высланыя яе бацькі ў 1905г. Закахалася і вышла замуж. Сталі жыць у Варшаве, дзе займелі дзетак Януша (1927) і Соф’ю(1930), названую так на чэсьць цёткі Соф’і, якая стала назарэтанкай. Казік закончыў у 1931г. Сельскагаспадарчую Акадэмію і вярнуўся над Нёман. Яго мама Станіслава Каменьска ўжо ў 1926г. памерла. Маладыя адрамантавалі сабе драўляны домік і сталі гадаваць трох дзяцей, бо ў 1934г. нарадзіўся наймаладзейшы Збышак.
1 верасня 1939г. Казіміра Стралкоўскага выклікалі на вайсковыю службу ў Луна, дзе на могілках спачываў яго дзед паўстанец. З тых часоў засталіся ўспаміны дачкі Казіміра і Хані Соф’і.
З-за мяжы несьліся заклікі: “Белорусы, убивайте своих панов! Подготовьте нам дорогу!”. Усе казалі, што трэба ўцякаць у Польшчу. Але стары Клеманс сказаў, што з Багатырэвіч ня рушыць. Угаворы Хані не дапамаглі. Удалося толькі адправіць старэйшага сына Януша. Стары Клеманс дапамагаў людзям як лекар і як заступнік на просьбы жонак арыштаваных членаў КПЗБ. Спадзяваўся, што гэта яму дапаможа.Мыліўся. І бацьку і сына арыштавалі 24 кастрычніка ноччу. Ледзьве паспелі адзецца. Трымалі спачатку ў Квасоўцы, апісанай Элізай Ажэшка ў навэле “Сьмерць дому”. Ханя з перадачай дабралася за 15 км да Квасоўкі. Спаткалася. Казік падтрымліваў аслабеўшага бацьку і пытаўся пра Збышка, які цяжка хварэў на запалене коснага мозгу. Яшчэ запытаўся: “Ці знаеш тых, што па мяне прыйшлі?”-“Так,куплялі ў яго рыбу.” Сказаў: “Запомні. Не хачу, каб якая маці ці ўдава з-за мяне плакала.”
Вярнуўшыся, пабегла па Мінявічах збіраць подпісы. Ніхто не адмаўляў. Але не паспела. Арыштаваных у Квасоўцы не было... Шукала ў Гродна, Беластоку... Дарэмна. Пакінуўшы 10-гадовую Соф’ю з старымі цёткамі, з хворым Янушам і старою маткай паплыла у Гродна ў шпіталь. Ноччу прыйшлі, загрузілі цётак на вазы. Старыя ачунялі толькі ў Скідлі і залямантавалі, што ім не патрэбна чужое дзіця. Дазволілі аставіць. Дзяўчынка з плачам глядзела, як ад’язджаюць вазы... Так уратавалася ад Сібіры. Першы раз.
Вярнулася ў Багатырэвічы ў разгар рабаваньня дому. Якісьці добры дзядзька запытаўся: “Што хочаш?”-“Дайце мне ляльку”. Былі добрымі-далі ляльку. Нікому не спадабалася сподняе з вышытымі нумарамі-бялізна паўстанца з катаргі. Кінулі вар’яту Дадушцы. Той, шчаслівы, кінуўся ў наднёманскі гушчар. Кіраваў рабункам халоп Мікула.
Вярнулася Ханя з Збышкам і старой маткай на пустое месца. Людзі з Багатырэвіч і Мінявіч прыносілі хто што мог.Да ўсяго захварэлі на тыф. Каб не Казімір Багатырэвіч, памерлі б. Калі з наступным арыштам прыйшлі бальшавікі, то ўбачылі на зямлі тры амаль трупы. Рашылі , што і так памруць. Так уратаваліся ад Сібіры ў другі раз.
Хоць не зайздросным было тое ратаваньне, але многім не ўдавалася і такое. У запісах Вітольда Карпызы захаваліся ўспаміны І. Алізар аб часах савецкай акупацыі у Луна.
|
“Што тычыць арыштаў і вывазу жыхароў Луны ў гадах 1939-40, то ня вельмі многа памятаю, бо жыў тады ў Сьвіслачы. Магу, аднак, удакладніць. Арыштаваныя былі: Ян Вежаль, Ян Швед, абое праўдападобна не вярнуліся ўжо ніколі. Станіслаў Куніцкі-кавалер Ордэну Віртуці Мілітары, Казімір Шчырскі-швагер майго айчыма, Ігар Калішэвіч-сын ксяндза праваслаўнага падпаручнік войска польскага. Гэтыя трое з арміяй Андэрса перабраліся на Захад. Станіслаў Тарасевіч і Эдвард Тарасевіч арыштаваныя ў Вільні. Бацька Эдвард памёр або забіты ў турме. Эдвард Лунеўскі і Казімір Лунеўскі-асаднікі, арыштаваныя і не вярнуліся.Вывезена ж: Сабіну Шчырскую-сястру айчыма да Казахстану. Па доўгіх і трудных падарожжах злучыліся з Казімірам у Лондане. Абое ўжо не жывуць. У 1987г. памерла таксама іх дачка Марыя Трывусь. Гэлена Шуроўская настаўніца і загадчыца школы ў Луне таксама ўжо не жыве. Але не ўпэўнены, што памерла ў ссылцы. Марыя Гавэнцкая з Шведаў, дачка Яна, сястра афіцэра 3 палка PSK , жонка паліцэйскага з маткаю і дзецьмі вывезена да Казахстана. Пасля вайны жыла ў Элку. Станіслаў Кундзіч таксама ніколі не вярнуўся”.
Праз некаторы час па вёсках і мястэчках мясцовая ўлада аб’явіла, каб тыя, хто хоча выехаць ў Польшчу, збіраліся да ад’езду. Але Ханя сказала , што вельмі любіць Савецкі Саюз і хоча жыць толькі тут і нікуды выязджаць ня хоча. Так уратаваліся ад Сібіры ў трэці раз. Але гэта былі толькі адтэрміноўкі. У наступны прыход заставілі толькі хворую старую Лявонію з Сузінаў Букавецку. Ханя, Збышак і Соф’я, загружаныя ў вагоны для перавозкі жывёлы, рушылі ў Сібір. Цягнік разбамбілі немцы. Так уратаваліся ад Сібіры ў чацвёрты раз.
|
Маладзенькая прыгажуня-жонка Яна Вежаля не была такой шчаслівай. Яна з двухгадовым сынком без ніякай адтэрміноўкі апынулася ў скоцкім вагоне. У люты мароз вывезены яны былі ў засьнежаны стэп Казахстану. Хлопчык выжыў. Жыве ў Луне і можа асабіста расказаць свае адносіны да ўрачыстых слоў: “За детсво счастливое наше спасибо родная страна”. У сына Яна Вежаля Мар’яна засталіся здымкі з луненскай фотамайстэрні, што падцвярджаецца адбіткам на адваротным баку “Lunna 1937r.” На адны са здымкаў бачым прыгожага юнака ладна ўбранага з высакародным спакойным выразам твару. Няма разгубленнасьці ці непакою, злосьці ці недаверу...Наступны здымак прэзентуе ўборы луненскіх паненак, якім пазайздросьцяць хіба і сёньняшнія луненскія модніцы. Разам з сяброўкамі Янкава каханая, першая злева.
|
У 1938г. Ян з Рэгінай ужо маюць невялікі “Хрысьціяньскі склеп спажыўчы”, названы так, каб вылучыцца з шэрагу многіх яўрэйскіх крамаў.Неўзабаве з’явіўся жаданы сынок, названы Мар’янам. Але набліжаелася нешта страшнае. Яна прызываюць у войска. Мундзір яму вельмі да твару. І наступнае фота ў ваеннай форме.Але паміж імі- вечнасьць, страшная ў сваёй нечаканасьці і нялюцкасьці... Спачатку бальшавікі арыштавалі толькі Яна. Ён застанецца жывы, але ўжо ніколі ня ўбачыць ні сваю каханую прыгажуню-жонку, ні луненскіх прынёманскіх краявідаў... У 1992г. сустрэнецца з сынам...У Беластоку. Прыехаць на Радзіму не адважыцца, хоць ваяваў з фашыстамі ў Арміі Андэрса. Гэта потым. А пакуль... Расказваў сыну , што ў арышце яго білі на змену бесперапынна, каб прызнаўся ў тым , чаго не было і чаго ня ведаў. Калі каты змучыліся, следчы праявіў “чалавечнасьць”, сказаў: “Калі хочаш жыць, падпішы, бо заб’юць да сьмерці”.Падпісаў усё. Да сьмерці не даведаўся, што падпісаў. Яшчэ дзевяць сутак праседзеў у камеры сьмертнікаў. На дзесятыя прыйшоў эНКаВэДзіст і сказаў: “Радуйся, Сталин подарил тебе жизнь”. Завязлі ў Комі АССР на лесапавал ля Ухты. Адтуль папаў у Армію Андэрса. Гэта было ўратаваньне. Пасьля заканчэньня вайны апынуўся ў Англіі. На фота з туманнага Альбіёна глядзіць шыкоўны мужчына з пальчаткамі ў руцэ. Не вярнуўся ў Луна. Вярнуўся яго сябра Емяльянчык Сяргей. Дастаў восем гадоў лагернай высылкі. 1992г. Бацька і сын. Ім ёсьць што расказаць адзін аднаму. Сын ужо змог прыехаць у Беласток. Бацька мог прыехаць у Луна. Не адважыўся... Ці не схацеў? Больш не сустрэнуцца. У далёкай Англіі ў Бірмінгеме магіла луненскага хлопца Яна Вежаля-бальшавіцкага лагерніка, героя –воіна змагара з фашызмам у шарэнгах польскай Арміі Андэрса.
Аб чым расказваў сын?
Хоць Мар’яну тады было толькі два гадкі, але падзеі, якія адбываліся, былі настолькі брутальнымі, нечалавечымі, што некаторыя з іх урэзаліся ў памяць на ўсё жыцьцё. Вязлі “злачынцаў” у люты мароз у скатавозах-таварных вагонах без ніякага ацяпленьня. Раніцай на прыстанку адчыняліся дзьверы ў вагон залазіў эНКаВэДзіст і выкідваў у дзьвярны праём замёрзлыя трупікі немаўлят. Мар’ян выжыў, бо маці ўвесь час трымала яго пад спадніцай ля жывата. Да фізічных пакутаў дабаўляліся маральныя. У туалет трэба было хадзіць на вачах усіх у дзірку ў падлозе вагона. Найстрашней гэта было рабіць маладзенькім дзяўчатам , якія выхоўваліся зусім па іншым правілам і каштоўнасьцям. Ці можна апісаць пачуцьці людзей, якія бальшавіцкай уладай былі пастаўлены ў такое становішча? У Казахстане выкінулі, застаўшыхся жывымі, ў пусты засьнежаны стэп. Людзі голымі рукамі разгортвалі сьнег, нажамі, лыжкамі... капалі норы, каб схавацца ад пранізьлівага ветру і сагрэцца хоць цяплом сваіх целаў. З цягам часу норы пашыраліся да нечага падобнага на зямлянку. Мар’ян з маткай выжыў, бо іх прыюціла казашка, муж якой быў на вайне. Маці пачала хадзіць на працу ў калгас. Малому казашка давала камяк воўны, каб ён яе разбіраў. За працу атрымліваў кавалак ляпёшкі, таму ласкава называў казашку Майнушка. Восеньню “жыравалі”. Можна было тайком назбіраць каласоў на полі пасьля ўборкі, выцярушыць рукамі і змалоць на жорнах. Гэта ўжо быў ХЛЕБ, а значыць ратаваньне ад галоднай сьмерці...
Пад разрывамі бомбаў цягнік спыніўся. Дзьверы вагона рассунулі два маладых чыгуначніка з крыкам: “Ратуйцеся, немцы хочуць усіх забіць!” Тут жа немцы загадалі ўсім выйсьці з вагонаў і выстраіцца ў рад. Ханя ў адчаі не магла вырашыць, што рабіць з хворым Збышкам. Калі немцы будуць усіх забіваць, то можа ён уратуецца ў вагоне? Запытала: “Сынок, нас будуць забіваць. Можа застанешся тут? Можа выжывеш?”-“Я хачу з мамаю”-адказаў хлопчык. Узяла яго на рукі і стала ў шарэнгу. Гледзячы на гэту шарэнгу, эсэсаўцы рагаталі. Адзін з іх казаў: ”Завязем вас да Варшавы. Няхай людзі бачаць, якіх злачынцаў камуністы высылаюць у Сібір”. Неўзабаве жарты скончыліся. Немцы сказалі, што заб’юць усякага , каго праз 30 хвілін застануць у гэтым месцы. Ксёндз арганізаваў вазы. На адном з іх заехалі
ў Квасоўку і зайшлі ў касьцёл памаліцца. Падышоў ксёндз і сказаў , што пазнаў іх і , што тут загінулі іх бацька і муж. Збышак, які месяц не хадзіў, пачуўшы гэта, устаў і пайшоў. Ксёндз паклікаў сьведку, які паказаў бярозу. Раскапала яшчэ не зляжаўшуюся зямлю і пазнала пальто бацькі і кашулю мужа. Так загінуў унук Яна-паўстанца, які “...залацістай славаю абвіты ляжаў на крывавым воблаку цішы, смутны, у далёкі зубок блакіту загледжаны...”.
Пахавалі яго каля дзеда пад драўляным крыжам, які Збышак выразаў з наднёманскага дзерава. Праз год крыж зацвіў.
З ўспамінаў І. Алізар: “У чассы акупацыі нямецкай арыштаваны Бутрым (ня помню імя), які меў у Луне краму. Не быў перад вайною жыхаром Луны. Баўмгардт прыехаў да Луны ў час акупацыі з жонкаю і трыма дочкамі. Зяць яго быў арыштаваны за АК у Мастах. Відавочна немцы знайшлі і цесьця ў Луне, верагодна таксама за АК. У часы гітлераўскай акупацыі другіх арыштаваных ня помню, акрамя існаваньня АК і палякажэрчага камітэту Беларускага на чале з лекарам –эмігрантам расейскім Разнатоўскім, які жыў у Падбаранах(3 км ад Дуны). Не ўдалося немцам вырабіць палякам большай крыўды дзякуючы таму, што мая мама добра знала нямецкую мову. Паколькі жылі мы блізка жандармерыі, Мама была часта перакладчыцай. Камендант жандармерыі быў люты гітлеровец. Гэты часта наведваў нас і аптэку з мэтай, каб спраўдзіць, ці не выдаецца перавязачны матэрыял без кантроля (абавязвала тэрміновае заведамленьне ў такіх выпадках), ці хто падазроны ня круціцца ў аптэцы, ці таксама ў нас у хаце. Аднаго дня гаворыць, што ёсьць у нас тайная арганізацыя. А мама кажа-арганізацыяй павінен кіраваць хтосьці разумны, а ў нас у Луне самыя дурні. У нас пан часта бывае і бачыць, ніхто тут без патрэбы не бывае. Жандару страшна спадабалася, ўто палякі гэта дурні і амаль у гэта паверыў. Між тым папярэдзілі мы сяброў АК (Салдатаў дакладней, бо былі гэта прафесіяналы: Росьлік, Сюдай, К. Тарасевіч, А. Плахетка), каб захоўваліся вельмі асьцярожна, асабліва на пераправе праз Нёман( мост быў узарваны). Нас сачылі пад вокнамі- на адхілах заўсёды былі адбіткі ботаў салдацкіх, а сам камяндант па некалькі разоў на дзень наведваў аптэку і наша жыльлё. Нічога ў Луне ня выкрыў, а тым часам разнеслася пагалоска, што на Разнатоўскага пару разоў нападалі савецкія партызаны і ён выехаў у Гродна, вядома, баючыся іх. І тут жандар размаўляе з мамаю на гэту тэму, што пані думае аб Разнатоўскім і партызанах? Мама: “Лічу, што гэта бедны чалавек. Так яго далягалі, што мусіў пакінуць дом і маёмасьць”. Жандар: “І пані верыць у гэтыя напады? Гэта недарэчнасьць. Ён гэта разыграў. Запрасіў нас да сябе і засыпаў даносамі на палякаў, потым даносы прысылаў слугою, а нарэшце поштаю... Праверыў, што даносы не былі праўдзівыя. Знаю, што ніхто на яго не нападаў, не гледзячы на гэта, дазволіў яму выехаць у Гродна. Няхай сабе едзе”.
Жыхарка Луны Троцкая Любоў успамінае: “Нямецкая камендатура была дзе цяпер банк. (Філія банку зачынена і дом прададзены ў асабістую ўласнасьць.Аўт.) У маі 1942г. нас паліцаі забралі (мяне з бацькам). Разам забралі Наташу Стрэшку, Лізу Ігнацюк, Валю Вазняк, Маню Трубецкую. Спачатку завязлі нас у Сувалку. Там нас прадавалі за 1,5 маркі за аднаго рабочага. Затым я папала ў Кукурнезе(?) у Германіі. Даілі кароў, кармілі сьвіней, хлеб убіралі. Бацька ад мяне быў далёка Ў Кенісбергу. Там памёр. Вызвалілі нас у сакавіку 45 г.”
Немцы выгналі Ханю з дому. Прытуліліся ў імяніньніка бацькі Казіміра Стралкоўскага –Юрасіка. Бралася за любую работу, каб выжыць. Моладзь уцякала ў партызаны. Соф’я хацела ісьці з імі, але маці не пусьціла. Летам 1944г. па Нёмне плылі трупы немцаў і чырвонаармейцаў. Памешчыцу Стралкоўскую ратавалі сяляне Адам Стэцкевіч, Ізыдар Багатырэвіч...
З успамінаў І. Алізар: “Бальшавікі нас вызвалілі 15 ліпеня 1944г. Ужо 12 і 13 студзеня гэтага года пачаліся масавыя арышты палякаў(у невялікай частцы і беларусаў). У Луне арыштаваны: Юзэфа Трацьцяк, Віктар Трацьцяк, Мячыслаў Трацьцяк- сям’я айчыма. Вінцэнт Аляксейчык-мой дзед, тады 64-гадовы, Казімір Тарасевіч, Яўген Булай-лекар праваслаўны, але разумеючы па-польску, чго брат Анатоль Булай, Антон Кадзевіч, Юзаф Лунеўскі Станіслаў Швед і многія другія. Клікс-асаднік ваенны. Ян сезенеўскі арыштаваны ў 1945г. , падафіцэр прафесійны кіраўнік партызанкі ў ваколіцах Сезяневічы-Эйсманты-Індура, таксама яго брата(забыла імя). Знаю Паўла Сезянеўскага, плямяньніка Яна, бо разам са Скідзеля высылалі мы пасылкі да сваіх блізкіх, што было не малым дасягненьнем, бо пасылак прымаць не хацелі. Я вызнайшла такі спосаб, з якога карысталіся многа асоб і пасылкі даходзілі. Зразумела, давалі тоўсты хабар начальніку пошты. Неабходна была таксама мая пратэкцыя і прысутнасьць. Знаю, што Ян Сезянеўскі не вярнуўся з лагераў у Комі. Вярнуўся затое яго брат і бацька Паўла, які таксама ўжо не жыве. Аляксандр Антушэвіч .......майго добрага кузэна. Вярнуўся з Комі АССР(Усе ў той час там знаходзіліся), цяпер ўжо не жыве. Браніслава Стэрповіча.
У ліпені 1948г. пачаліся новыя арышты ў Луне, у тым была мая мама і я. Выдаў нас Мячыслаў Занеўскі, адзін з салдатаў АК. Перад трыбуналам ваенным у кастрычніку 1948г. стаяла нас 19 асоб. Некаторыя былі з ваколіц Луны, іх нават ня ведала. Адольф Плахетка-Камандзір атрада “Сіп”. Памёр у 1991г. Аляксандр Канановіч, Цэзар Канановіч-браты. Аляксандр Шчырскі-памёр у лагеры. Юліан Станюкевіч-памёр у 1957г. у Луне. Казімір Алізар. Урбановіч (ня помню імя). Юзаф Міхалкевіч. Мечыслаў Занеўскі. Юзэфа Трацьцяк-памерла ў 1982г. Браніслава Дамброўская-памерла ў 1984г. Леакадзія Багуцкая, Эмілія Плахетка-Пажарская. Ірэна Алізар. Дзьве асобы былі вызваленыя: І. Драчынская і адзін мужчына(ня помню прозвішча). 2 асобы атрымалі па 10 гадоў лагераў, а 15, якіх назвала(адной прозвішча ня помню) былі асуджаны на найвышэйшы карны вырак на 25 гадоў у лагеры аддаленыя(утой час кара сьмерці была забаронена), 5 гадоў пазбаўленьня правоў грамадзянскіх (ссылка) і канфіскацыі маёмасьці. З турмы ў Гродна паступова вывезена нас да Тайшэту (Усходняя Сібір Іркуцкая вобласьць) у лагер спецыяльнага рэжыму. Рэжым быў сапраўды “спецыяльны”, а я дадаткова яшчэ папала да лагеру карнага без ніякай на гэта заслугі. Усе 500 былі мы туды дастаўлены на аснове якогась ключа. Пражыла там год такі жудасны, які можа быць толькі на самым дне пекла. Я адна з 15 туды папала. Роўна ж адна толькі была вывезена на Калыму, да лагеру, з якога ўжо не вяртаюцца згодна з прысудам Сталіна. Паступова у 1956г. вярталіся з гэтага пекла на зямлю, хто, відавочна, выжыў. Частка з гэтай групы рэпатрыявала да Польшчы, некалькі асоб надалей жыве ў Луне, ці ў ваколіцы, частка ўжо не жыве.”
|
“Мушы яшчэ вярнуцца да лёсу палякаў рэпрэсаваных у гадах 1944-1945. Так вось частка з іх была суджана ў лагерах, звычайна на 8 гадоў. Не ўсе відавочна выжылі. Мая сям’я неяк пазбіралася. Брат вярнуўся праз год-не судзімы, айчым і яго брат-праз 2 гады-таксама не судзімыя. Дзед быў спачатку ў ссылцы, адкуль уцёк дадому. Праз некаторы час зноў быў арыштаваны, асуджаны і вывезены ў Комі. Зважаючы на дрэнны стан здароўя адпусьцілі яго... Памёр у 1952г. ад інфаркту.”( З пісьма Ірэны Алізар).
У 1947г. Зося (Соф’я) упала з яблыні і зламала паазваночнік . Як сірату-калеку яе ўдалося пераправіць у Польшчу. Там чакаў яе старэйшы брат Януш і цётка сястра-назарэтанка Інэс (Соф’я). Унучка Яна-паўстанца стала назарэтанкай у Альбано пад Рымам. Закончыла філялёгію ў Ягелоньскім універсітэце. У часы акупацыі тайна навучала у Варшаве, ад 1943г. апекавалася вязьнямі ў Кельцах. : з лютага 1945г. заснавала ў Кельцах гімназію імя Каралевы Ядвігі і да закрыцьця ў 1960г была дырэктаршай.
Зося вылячылася, здала экзамены і вучылася на хімічным факультэце Універсітэту ў Лодзі. Абое стараліся вырваць у Польшчу маці Ханю з сынам Збышам , які закончыў 4 класы ў Багатырэвічах, а потым мусіў хадзіць з хворай нагою 5 км у школу да Глядавіч. Меў вельмі добры слух. Паступіў у музычную школу ў Гродна. Але, неўзабаве, быў выключаны. Выяхаць дапамагла сястра Дзяржынскага Альдона. У 1953г. дасталі дазвол на выезд. Ханя жыла ў Кельцах. Працавала сакратаркаю ў ліцэі імя Ю. Славацкага. Там жыве яе дачка Зося і сын Збышак з жонкаю Крысьцінаю.
|
Выкарыстаныя матэрыялы:
Рукапісы Вітольда Карпрызы.
Успаміны Мар’яна Вежаля.
Фатаграфіі сямейныя Мар’яна Вежаля.
Заппісы ўспамінаў жыхароў Луна Аляксандрам Пудаўкіным.
Barbara Wachowicz. “Ty jestes jak zdrowie.”
Луна. Лявон Карповіч. 2008г.


