Аляксей Сабасцян
Мая малая радзіма
Геалагічнае мінулае краю
З геаграфіі мы ведаем, дзе працякае Волга, дзе знаходзіцца Аўстралія, што Еўропу ад Амерыкі аддзяляе Атлантычны акіян, што... І гэтых “што” можам прывесці шмат. Але гэта далёкія прыклады. Давайце азірнемся навокал. Усім вядома, што галоўнай прыгажосцю нашага краю з’яўляецца Нёман, што ля Азёрак ёсць азёры, што ля вёскі Пескі маюцца вялікія запасы мелу...
Але колькі ні прыводзь прыклады, мала хто калі задумваецца, а чаму менавіта на гэтым месцы знаходзіцца той ці іншы акіян, рака, возера, узвышша. Ці заўсёды зямля мела такі выгляд, як цяпер? Так, усе мы – жыхары планеты Зямля, з якой мы пачыналі знаёміцца ўжо з дзяцінства. Вывучэннем паверхні Зямлі, як вядома, займаецца геаграфія. А вось вывучэннем яе будовы займаецца геалогія.
Гісторыю планеты можна “прачытаць” па зямных слаях. Разгадаць гэтыя пісьмёны прыроды можна ўважліва прыглядаючыся да таго, што адбываецца ў наш час. Прыемна заўважыць, што такія “старонкі” геалагічнай “кнігі” ёсць і ў нашым раёне. Адна з іх размешчана на Нёмане, каля вёскі Багатырэвічы, у вусці яра Яна і Цэцыліі. Агаленне называецца “Самастрэльнікі” па ранейшай назве мясцовасці. Гэта агаленне апошняга міжледавікоўя. Вывучэнне яго дазволіла выявіць асноўныя рысы і асаблівасці гісторыі геалагічнага развіцця тэрыторыі Беларусі за апошнія 100 тысяч гадоў. Гэтая міжледавіковая эпоха цягнулася каля 15 тысяч гадоў. У той час на нашай тэрыторыі было шмат азёраў і балотаў, якія былі акружаны густымі лясамі.
У выніку вывучэння гэтага геалагічнага помніка вучоныя атрымалі самую багатую ў свеце выкапнёвую міжледавіковую флору. У яе складзе шмат раслін, якія пазней зніклі з арганічнага свету Еўропы, але ацалелі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Дый жывёльны свет гэтага перыяду шмат у чым быў падобны да сучаснага. Але па лясах Беларусі ўсё яшчэ хадзілі маманты, паўночныя насарогі і велікарогія алені.
Тым часам у далёкай Скандынавіі пачаў зараджацца новы і апошні ледавік. Гэта адбывалася 90 тысяч гадоў таму назад. Наступленне ледавіка прынесла пахаладанне, змену клімата. Ледавік паступова прасоўваўся на поўдзень. У тым жа кірунку, ратуючыся ад яго, рухаліся многія прадстаўнікі тагачаснай фаўны. Навукоўцы мяркуюць, што гэты ледавік ахапіў не ўсю тэыторыю Беларусі, а толькі яе паўночную частку. Мяжа абледзянення праходзіла і па тэрыторыі сучаснай Мастоўшчыны.
Апошнім ледавіком быў утвораны шэраг узвышшаў і нізінаў па ўсёй Беларусі. Паўднёва-заходнюю частку нашага раёна закранае Ваўкавыскае ўзвышша. На бассейн сярэдняга і ніжняга цячэння Нёмана распаўсюджваецца Нёманская нізіна. У верхняй яе частцы знаходзіцца Мастоўшчына. У межах нізіны, у міжрэччы Нёмана і Шчары, захавалася пушча, якая цяпер называецца Ліпічанскай.
У 90-х гадах ХХ ст. на Мастоўшчыне калектывам навукоўцаў Інстытута геалагічных навук НАН была праведзена вялікая і вельмі патрэбная праца па выяўленні прыродных геалагічных аб’ектаў. У цэлым было даследавана больш за 100 прыродных аб’ектаў. 10 з іх былі прызнаны найбольш каштоўнымі і ўнікальнымі. Гэта 3 ландшафтныя геолага-геамарфалагічныя заказнікі і 7 геалагічных помнікаў прыроды. Вышэй ужо расказвалася пра ландшафтны заказнік “Роў Яна і Цэцыліі”, які ўключае ў сябе помнік прыроды “Самастрэльнікі”. Ён носіць статус рэспубліканскага заказніка. Тут забаронены работы, якія могуць пашкодзіць ці змяніць паверхню аб’екта.
Важным ландшафтным аб’ектам прызнаны заказнік Ліпічанскія выдмы. Геалагічны ўзрост яго прыкладна 14-10 тысяч гадоў, калі гэтыя своеасаблівыя дзюны ўтварыліся ў канцы паазёрнага абледзянення. Ліпічанскія выдмы знаходзяцца за 1,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Галубы, на левым узбярэжжы ракі Нёман. Даўжыня аб’екта – 5,5 км, шырыня дасягае 3,2 км, бачная вышыня – 10-15 м, плошча – 13 кв км. Форма выдмаў – градава-пагоркавая, склад пародаў – пясок. Тут забараняецца суцэльная высечка дрэваў, усялякія горна-тэхнічныя, дарожна-будаўнічыя і гідрамеліяратыўныя работы, разбіўка турыстычных лагераў і распальванне вогнішча.
Ля вёсак Пескі і Капачы размесціўся ландшафтны заказнік Пескаўскія грады, непадалёку шашы Масты-Ваўкавыск. Даўжыня аб’екта – 3,2 км, шырыня – 1,7 км, плошча – 3,2 кв км, бачная вышыня – 26 м, абвод – 8,2 км. Склад градаў – мел, мергель, кварцавы пясок, гліна і валуны. Геалагічны ўзрост – 220-150 тысяч гадоў. Утварыўся ў часы сожскага абледзянення. Забараняецца распрацоўка кар’ераў, звалка адходаў і смецця.
На поўнач ад вёскі Пескі размесціўся помнік прыроды Пескаўскае агаленне рачных адкладаў. Гэта своеасаблівы берагавы ўступ на правым беразе ракі Зяльвянкі. Даўжыня яго 0,3 км, шырыня – 0,05 км, бачная вышыня – 5 м, плошча – 1500 кв м. Гэтаму помніку таксама нададзены статус рэспубліканскага, тут забаронены работы, якія могуць пашкодзіць ці змяніць паверхню помніка. Узрост яго вызначаецца ў 8-2,7 тысяч гадоў. Склад – пясок, супесак, торф. Пробы помніка захоўваюцца ў геалагічным музеі Інстытута геалагічных навук НАН Рэспублікі Беларусь.
Шмат помнікаў геалогіі знаходзіцца на берагах ракі Нёман. Сярод іх – агаленне старажытных адкладаў каля вёскі Княжаводцы. Яно размешчана за 1,5 км на ўсход ад маста ў вёсцы Лунна, на высокай пойме правага берага Нёмана. Узрост агалення – прыкладна 110 тысяч гадоў. Склад пародаў – торф, пясок, супесак. Даўжыня аб’екта – 0,15-0,2 км, шырыня – 50-100 м, бачная вышыня – 5,2 м, плошча – 750 кв м. Забаронены работы, якія могуць пашкодзіць ці змяніць паверхню помніка.
Значную цікавасць для навукі ўяўляе геалагічны помнік Дубненскае агаленне азёрных адкладаў. Яно знаходзіцца за 0,3 км на ўсход ад вёскі Дубна, на стромкім правым беразе Нёмана. Узрост – 16-15 тысяч гадоў. Склад – пясок, гліна, супесак. Даўжыня аб’екта – 1,6 км, шырыня – 50 м, бачная вышыня – 11 м. Забаронены работы, якія могуць пашкодзіць ці змяніць паверхню помніка. Цікавы і помнік Майсевіцкі пагорак, які знаходзіцца на тэрыторыі Пескаўскага сельсавета каля вёскі Струбніца на шашы Масты-Ваўкавыск. Узрост – 250-150 тысяч гадоў. Склад пародаў – марэнныя супяскі і суглінкі, водна-ледавіковыя пяскі, пясчана-жвіровыя адклады. Каму давядзецца ехаць па шашы Масты-Ваўкавыск, звярніце ўвагу на падвышэнне дарогі за вёскай Струбніца. Даўжыня пагорка – да 4 км, вышыня – 40-45 м, плошча – 7 кв км. Гэтаму помніку таксама нададзены рэспубліканскі статус.
На тэрытлрыі Харціцкага сельсавета за 1,2 км на паўночны ўсход ад вёскі Каўшова выяўлены помнік прыроды Катлавіны Гумнішча і Падбярэззе (па назвах урочышчаў). Склад – валуны, супесак, пясок. Узрост – 14-10 тысяч гадоў. Даўжыня катлавіны – 250 м, шырыня -- 150 м, глыбіня – 4 м, плошча – 0,14 кв км. У катлавіне забаронены разбуральныя работы. Значную каштоўнасць для геолагаў уяўляюць камяні. За 1 км на поўнач ад вёскі Дарагляны і за 1,6 км на захад ад вёскі Мілявічы знаходзіцца Вялікі Пабоеўскі камень з ямкамі (назва ад урочышча Пабоева). Камень прынесены ледавіком са Скандынавіі ў часы сожскага абледзянення прыкладна 220-150 тысяч гадоў назад. Склад – парфірападобны граніт з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак памерам 0,5-1 і да 3 см, з крышталямі ружовага кварцу ў выглядзе зерняў 0,5-1 см. На камяні растуць імхі і лішайнікі. На верхняй частцы валуна захавалася конаўка шырынёй 7 см і глыбінёй 6 см, якая арыентавана па дыяганалі, і 12 паўсферычных ямак штучнага паходжання глыбінёй 0,3-0,5 см і папярэчнікам 3-5 см. Даўжыня валуна – 2,4 м, шырыня – 1,7 м, бачная вышыня – каля 1 м, аб’ём – 1,9 куб м, вага – 4,9 т.
На жаль, пра геалагічны помнік Вялікі Багатырэвіцкі камень даводзіцца гаварыць у мінулым часе. Ён знаходзіўся каля вёскі Багатырэвічы. Валун быў прынесены ледавіком са Скандынавіі 220-150 тысяч гадоў назад. Камень меў даўжыню 3,4 м, шырыню – 3,1 м, бачную вышыню – 1,75 м, вагу – 25,9 т. Але цяпер ён у выніку выбуху ператварыўся ў груду асобных кавалкаў.
Зараз у нас адчуваецца недахоп у многіх відах сыравіны, якая неабходна для развіцця галін народнай гаспадаркі. Таму геалогіі пастаянна патрэбныя маладыя спецыялісты. Перад кожным чалавекам, які зацікавіцца геалогіяй, адкрываюцца шырокія прасцягі для дзейнасці.
"Сцежкамі Мастоўшчыны" №3 2008 г.

