Аляксей Сабасцян
(У дапамогу настаўнікам гісторыі, геаграфіі і літаратуры сярэдніх школ,
усім тым, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю, сваёй малой радзімы.)
Мая малая радзіма
Замест уступу
Сёння мы за школьнай партай, заўтра нам уручаць атэстат аб заканчэнні школы. З ім атрымліваем пуцёўку ў самастойнае жыццё. Але куды б ні закінуў нас лёс, кожнаму хочацца вярнуцца ў родныя мясціны, туды, дзе чалавек нарадзіўся і вырас. І міжвольна ўспамінаюцца крылатыя словы, якія належаць нашаму любімаму Якубу Коласу: “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, а яшчэ загучыць у памяці чароўная мелодыя на гэтыя словы, што стварыў вядомы беларускі кампазітар Ігар Лучанок.
І вось мы ўспамінаем бацькоўскую хату ў вёсачцы на беразе ракі ці возера, шматпавярховы дом у горадзе, які знайшоў прытулак у маляўнічай мясцовасці, родных маці і бацьку, суседзяў, сяброў… Усё гэта любыя сэрцу мясціны, бо тут прайшло наша маленства.
Родныя мясціны – гэта наша маленькая радзіма, своеасаблівая стартавая пляцоўка ў вялікае самастойнае жыццё. Так складваецца, што ў кожнага чалавека дзве радзімы – маленькая і вялікая. Яны вельмі блізкія і дарагія, ад малой радзімы, роднай хаты, да вялікай, якая завецца мілым словам – Беларусь. Малая радзіма (а для нас гэта Мастоўшчына) – часцінка любай Бацькаўшчыны. Таму ўспамінаюцца словы вядомага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага: “Дзе прайшло маленства, там і пачынаецца радзіма”.
Бацькоўскі дом… У ім мы ўпершыню ўбачылі свет, навучыліся хадзіць, выйшлі ў вялікае жыццё. Да яго мы вяртаемся ў самы спрыяльны час. І хочацца пакланіцца бацькам, сказаць ім шчырыя словы падзякі. Пасля наведвання родных мясцін адбываецца своеасаблівае ачышчэнне душы, і чалавек адчувае ў сабе прыліў новых сіл. Нават пажылым людзям, якіх лёс закінуў на чужыну, за тысячы кіламетраў ад сваёй малой радзімы, на схіле свайго жыцця хочацца наведаць яе, абняць любую бярозу, выпіць глыток вады з бацькоўскага калодзежа, загарнуць у хустачку жменьку зямлі…
Каб мацней любіць радзіму, трэба больш ведаць пра свой край, пра яго працавітых людзей. “Гісторыя – настаўніца жыцця” – сказаў Цыцэрон. Гэтыя словы сказаныя амаль два тысячагоддзі назад, а як гучаць і сёння вельмі надзённа!
Наша Мастоўшчына мае багатую гісторыю, непаўторную прыгажосць. Той, хто хоць раз наведваў свой край, назаўжды запомніў маляўнічыя лясы, спакойныя рэкі, утульныя населеныя пункты. А галоўнае – усіх падкупляе працавітасць і непахіснасць нашых людзей. А яны сапраўды мужна змагаліся з ворагам, дбайна шчыруюць на палетках. З нашага краю выйшла шмат знакамітых людзей.
Яшчэ нагадваем адно выказванне Якуба Коласа: “Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы – бедны чалавек.” Давайце ж заглянем у геаграфію, гісторыю і культуру нашай Мастоўшчыны.
Погляд на мапу
Той, хто вывучае свой край, павінен ведаць, дзе наша месца ў свеце. Давайце паглядзім на карту Беларусі, свету і на глобус. На двух апошніх мы не знойдзем Мастоў. Але ўсё ж цікава ведаць наша геаграфічнае становішча. У прыватнасці, як размешчана мясцовасць адносна экватара, палюсоў, адносна мораў і акіянаў, буйных гарадоў і адміністрацыйных цэнтраў.
Звычайна вызначаюць адлегласць ад свайго населенага пункта па мерыдыяну да экватара і палюсоў. Адносна экватара наш край знаходзіцца на поўнач. Адлегласць складае 53 градусы. Калі 1 градус мерыдыяна складае 111,3 км, то да экватара ад нас адлегласць раўняецца 5899 км.
Ад Мастоўшчыны паўночны палярны круг размешчаны на адлегласці 13 градусаў 20 мінут, або 1443 км. Да паўночнага тропіка 30 градусаў, або 3330 км.
Ад пачатковага Грынвіцкага мерыдыяна мы знаходзімся на ўсход, ці на адлегласці 24 градусы 33 мінуты, або 1641 км.
Саме бліжэйшае мора – Балтыйскае. Яно знаходзіцца ад нас на поўнач. Да яго 4 градусы, або 444 км. Другім бліжэйшым морам з’яўляецца Чорнае, якое размешчана на поўдзень ад Мастоў. Адлегласць складае 6 градусаў, або 668 км.
На паўночны захад ад Мастоўшчыны знаходзіцца Атлантычны акіян, дзе размешчана “кухня надвор’я”. І мы, жыхары раёна, гэта добра адчуваем. Атлантыка прыносіць да нас у асноўным цыклоны.
А цяпер паглядзім на карту Беларусі і вызначым адлегласць ад Мастоў да межаў краіны. Ад Нёмана да заходняй мяжы 61 км, да ўсходняй – 440 км. Да мяжы з Літвой 74 км, з Украінай – 166 км. З Мастоў да Гродна, нашага абласнога цэнтра, — 68 км, да сталіцы Рэспублікі Беларусь – Мінска – 230 км (праз Шчучын).
Наша тэрыторыя адносіцца да другога гадзіннікавага пояса. Розніца з маскоўскім часам (усход) складае адну гадзіну, з Польшчай (захад) таксама адну гадзіну. Таму калі ў Мастах 12 гадзін дня, то ў Маскве – 13, а ў Польшчы – 11 гадзін.
Ужо адзначалася, што не на ўсялякай карце знойдзеш Мастоўскі раён. Мастоўшчына – часцінка Беларусі. Таму дзе адзначана Беларусь, там і наш раён. Ды і тэрыторыя яго не такая ўжо вялікая – 11,4 тыс. кв. км, і пражывае тут крыху больш за 43 тысячы чалавек.
Але калі паглядзець на карты свету, то заўважым, што побач з вялікімі і сярэднімі па памерах дзяржавамі існуюць дзяржавы-карлікі. Яны ёсць на ўсіх кантынентах свету і па памерах значна саступаюць нашай Мастоўшчыне. На мяжы Францыі з Іспаніяй размясцілася невялічкая Андора. Плошча гэтай дзяржавы-карліка 465 кв. км, а пражывае ў ёй 16 тыс. чалавек. Дзяржавай у дзяржаве называюць Ватыкан. Плошча яго 0,44 кв. км і пражывае там каля 1 тыс. чалавек. Напэўна, многія ведаюць дзяржаву Люксембург, якая размешчана паміж Бельгіяй, Францыяй і Германіяй. Плошча яе 2,6 тыс. кв. км, праўда, насельніцтва больш, чым на Мастоўшчыне – 367,2 тыс. чалавек. Амаль у цэнтры Еўропы ёсць яшчэ адна дзяржава-карлік – Ліхтэнштэйн. На плошчы ў 160 кв. км пражывае 26 тыс. чалавек.
Несумненна, многія чулі пра дзяржаву Мальта. Яна размешчана ў Міжземным моры на аднайменным востраве, плошча якога 316 кв. км. На Мальце пражывае 340 тыс. чалавек. Ёсць яшчэ астраўныя дзяржавы, плошчы якіх меншыя за нашую Мастоўшчыну. Гэта Бахрэйн – дзяржава ў Персідскім заліве, Каморскія астравы – у Мазамбікскім праліве, Маўрыкій – у Індыйскім акіяне і інш.
Адсюль вывад такі: не надта маленькі наш край. Дык давайце адправімся ў падарожжа па нашай Мастоўшчыне і пазнаёмімся з гісторыяй фарміравання раёна.
Фарміраванне тэрыторыі раёна
Развіццё класавых адносін прывяло да тэрытарыяльнага падзелу мясцовасцей у VI-VIII ст. На нашых землях склаліся племянныя саюзы (“княжанні”). Пазней яны стварылі Полацкую і Тураўскую землі, з якіх пачалі вылучацца ўдзельныя землі. Акрамя таго, у Панямонні існавалі перыферыйныя княствы. Сярод іх Ваўкавыскае, Гродзенскае і Слонімскае, у склад якіх і ўваходзіла тэрыторыя сучаснай Мастоўшчыны. У другой палове XIII ст. землі Панямоння ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Удзельныя княствы страцілі князёў, імі кіравалі намеснікі. У 1345 г. ВКЛ падзялілася на Віленскую і Трокскую паловы, у апошнюю ўвайшлі Слонім, Ваўкавыск. З 1413 г. паловы сталі называцца ваяводствамі. У XV ст. з’явіліся паветы, якія праіснавалі да XVIII ст .
У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі змяніўся тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. Ствараліся губерні, паветы. Пасля трэцяга падзелу (1795г.) у Заходняй Беларусі ўтвораны Віленская і Слонімская губерні. У 1797 г. гэтыя землі аб’яднаныя ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні. У выніку далейшага ўдасканалення ў 1802 г. на тэрыторыі Беларусі існавала 5 губерняў, у тым ліку Гродзенская, якая ў сваю чаргу падзялялася на 8 паветаў. З 1861 г. паветы падзяляліся на воласці. На тэрыторыі Мастоўшчыны склалася 6 валасцей: Пескаўская (уваходзіла ў склад Ваўкавыскага павета), Курылавіцкая (Слонімскі), Мастоўская, Дубненская, Лунненская і Гудзевіцкая (усе – у складзе Гродзенскага павета).
Змяніўся адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел у пачатку XX ст. у сувязі з гістарычнымі абставінамі: у 1921 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. Было створана 4 ваяводствы: Беластоцкае, Навагрудскае, Палескае. Ваяводствы падзяляліся на паветы, тыя ў сваю чаргу – на гміны. Наша тэрыторыя адносілася да Слонімскага (Курылавіцкая гміна), Ваўкавыскага (Пескаўская гміна), Гродзенскага паветаў (Мастоўская Дубненская, Лунненская і Гудзевіцкая гміны).
У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Рашэннем урада БССР ад 15 студзеня 1940 г. праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Заходняй Беларусі. Было створана 5 абласцей і 101 раён. Пры ўтварэнні абласцей і раёнаў улічваліся асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця заходніх зямель Беларусі. У параўнанні з астатняй тэрыторыяй БССР яны былі меншыя па памерах і па колькасці насельніцтва. Цэнтрамі раёнаў сталі не толькі былыя павятовыя цэнтры, гарады і рабочыя пасёлкі, але і буйныя населеныя пункты, да якіх эканамічна цягнуліся навакольныя вёскі.
Мастоўскі раён утворана з цэнтрам у мястэчку Масты. У яго склад увайшлі Мастоўская воласць, часткі Пескаўскай і Крамяніцкай валасцей Ваўкавыскага павету, Курылавіцкая і частка Дзярэчынскай воласці Слонімскага павету. Тэрыторыя раёна раўнылася 688,8 кв. км, у населеных пунктах пражывала 33 908 чалавек. Максімальная адлегласць паміж межамі раёна: з поўначы на поўдзень – 30 км, з захаду на ўсход – 37 км.
Цэнтр – мястэчка Масты – размешчаны на суднаходнай рацэ Нёман, у 7 км ад чыгуначнай станцыі Масты і ў 100 км ад Баранавіч (Мастоўскі раён уваходзіў тады ў склад Баранавіцкай вобласці). У раёне налічвалася каля 38 тысяч гектараў ворнай зямлі. Тэрыторыю раёна перасякала чыгунка Беласток—Ліда і шашэйная дарога Ражанка—Ваўкавыск. У раёне мелася 36 школ.
21 кастрычніка 1940 г. раёны былі падзелены на сельсаветы. У Мастоўскім раёне 111 населеных пунктаў былі размеркаваны паміж 11 сельсаветамі. Тады былі створаны наступныя сельсаветы: Мастоўскі (11 вёсак, 4735 жыхароў), Галынкаўскі (пазней Мікелеўшчынскі, 7 вёсак, 1900 жыхароў), Асаўлянскі (пазней Малькавіцкі, 11 вёсак, 1325 жыхароў), Пескаўскі (10 вёсак, 4168 жыхароў), Бялавіцкі (13 вёсак, 2877 жыхароў), Пацавіцкі (пазней Самуйлавіцкі, 13 вёсак, 3486 жыхароў), Курылавіцкі (10 вёсак, 3168 жыхароў), Азёркаўскі (8 вёсак, 3008 чалавек), Мілявіцкі (12 вёсак, 3849 чалавек), Рагозніцкі (9 вёсак, 2254 жыхары) і Занёманскі з цэнтрам у вёсцы Занёманск.
У 1944 г. частка Беластоцкай вобласці з горадам Беластокам перададзена Польшчы. 20 верасня 1944 г. утворана Гродзенская вобласць, куды увайшоў і Мастоўскі раён. У самім раёне адбыліся значныя тэрытарыяльныя змены. 5 красавіка 1960 г. да нас быў далучаны Дубненскі сельсавет Скідзельскага раёна. 16 ліпеня 1954 г. скасаваны Занёманскі сельсавет, яго землі перайшлі ў Мастоўскі, а Бялавіцкі сельсавет перайменаваны ў Зарудаўеўскі. Рагозніцкі сельсавет быў далучаны да Самуйлавіцкага. 25 лютага 1961 г. Самуйлавіцкі сельсавет перайменаваны ў Пацавіцкі.
У сувязі са скасаваннем Зэльвенскага раёна з 17 красавіка 1962 г. у складзе Мастоўшчыны апынуліся Дзярэчынскі і Марачоўскі сельсаветы. Аднак у сувязі са стварэннем так званых калгасна-саўгасных і прамысловых упраўленняў 25 снежня 1962 г. Мастоўскі раён быў скасаваны. Такі ж лёс напаткаў і шмат іншых раёнаў, напрыклад Жалудоцкі і Скідзельскі. Мастоўскі, Мікелеўшчынскі і Дубненскі сельсаветы перададзены ў Шчучынскі раён, астатнія землі разам з горадам Масты ўвайшлі у склад Ваўкавыскага раёна.
Аднак час засведчыў памылковасць гэтага рашэння і 6 студзеня 1965 г. Мастоўскі раён быў адноўлены. У сувязі з аднаўленнем 30 ліпеня 1966 г. Зэльвенскага раёна ад нас адышлі г.п. Зэльва, Дзярэчынскі і Марачоўскі сельсаветы. За нашым раёнам засталіся Багатырэвіцкі, Лунненскі і Русінаўскі сельсаветы Гродзенскага раёна, Галубоўскі Жалудоцкага раёна, Воўпянскі Ваўкавыскага раёна. У 1974 г. аб’яднаны Курылавіцкі і Мілявіцкі сельсаветы з цэнтрам у Курылавічах. 8 верасня 1975 г. Багатырэвіцкі сельсавет перайменаваны ў Глядавіцкі, крыху раней – Русінаўскі ў Харціцкі.
Такім чынам, на 1 студзеня 1997 г. у раёне налічвалася 14 сельсаветаў. Тры гады назад скасаваны Малькавіцкі сельсавет. Ёсць звесткі, што хутка будуць скасаваны Пескаўскі, Мікелеўшчынскі, Галубоўскі… Зараз у раёне налічваецца 154 сельскія населеныя пункты і горад Масты.
"Сцежкамі Мастоўшчыны" №2 лістапад 2007 г.

