Аляксей Сабасцян
Дварок
У многіх вёсках ёсць жыхары, якія з’яўляюцца свайго роду летапісцамі гэтых населеных пунктаў. У Дварку такім захавальнікам гісторыі можна лічыць Сцяпана Кліменцьевіча Майсюка. Яго расказ і лёг у аснову біяграфіі вёскі Дварок.
Сапраўды, чаму Дварок, а не проста Двор ці Новы або Стары Двор? Справа ў тым, што некалі тут быў фальварак Сапегаў, рэзідэнцыя якіх знаходзілася ў Дзярэчыне. А тут былі абора, у якой размяшчаліся каровы, бровар (зараз тое ўрочышча называецца Броваршчына). Працавалі ў асноўным сяляне з Волі, што знаходзіцца цераз Шчару.
Дзесьці ў 60-х гадах мінулага стагоддзя Шчара стала падбірацца да Волі і пазбавіла чатырох гаспадароў участкаў зямлі. З дазволу Сапегаў яны пасяліліся ля фальварка. Вось так Майсюк, Барташ, Цярэшка і Ламака аселі на новым месцы, а паселішча стала называцца Дварок (у супрацьлегласць вялікаму двару). Затым у вёску прыйшоў у прымы нехта Гайдаш. І астатнія новыя прозвішчы з’явіліся ў выніку прымацтва.
Такім чынам, вёсцы Дварок прыкладна 140 гадоў. Змянілася некалькі пакаленняў, на долю якіх выпадалі самыя розныя выпрабаванні. І з розных нягод людзі выходзілі пераможцамі. Хаця іншы раз гэтыя перамогі патрабавалі многіх жыццяў землякоў.
Але магчыма, што гэтыя мясціны над Шчарай чалавек аблюбаваў даўно. Непадалёку ад вёскі размешчаны курган вышынёю ў тры метры. Дакладна невядома, калі ён насыпаны. Але калі на полі каля кургана сеялі жыта ці ярыну, дык гаварылі: “Трэба жыта жаць пад могліцамі”. Гэта дае падставу сцвярджаць, што курган – могільнік нашых продкаў.
А наогул тут зямля не вельмі ўрадлівая, шмат пяскоў. У мокрыя гада вада залівала нізінкі, у сухія гады нічога не расло на пясчаных узгорках. Зямлю трэба было добра ўгнойваць. Таму кожны гаспадар павінен быў мець жывёлу, якая давала і гной. Звычайна, у кожным двары было па адным кані, дзве-тры каровы, да 10 авечак. Акрамя гэтага, гадавалі свіней, курэй, гусей.
Каб палепшыць сваё становішча, сяляне ішлі на падсобныя работы. А галоўны занятак – плытагонства. Звычайна, прыязджалі сюды купцы, рыхтавалі з дапамогаю мясцовых жыхароў лес, вязалі плыты на Шчары ля Лупачоў і каля Волі. А потым жыхары навакольных вёсак станавіліся плытагонамі. Добрымі плытагонамі былі А. І. Майсюк, І. А. Цярэшка, В. І. Майсюк. Ганялі плыты ў Гродна, Коўна і далей. Да Гродна загнаць плыты каштавала да 200 злотых. Падарожжа па Шчары і Нёмане цягнулася тыдзень і больш.
Жыхару Дварка Сцяпану Кліменцьевічу Майсюку таксама даводзілася ганяць плыты ў пасляваенны час да Мастоў, дзе быў фанерны завод. Праз 2-3 дні плытагоны дасягалі мэты. Назад вярталіся пешшу ці наймалі падводы.
Аднак самае трывожнае становішча ў Дварку склалася ў гады фашысцкай акупацыі. Справа ў тым, што вёска апынулася на мяжы партызанскай і акупацыйнай зон. Жыхары дапамагалі партызанам і плацілі розныя падаткі немцам.
За самае нязначнае падазрэнне фашысты жорстка каралі. Быў павешаны 16-гадовы Рыгор Ламака. Ён у лесе знайшоў вінтоўкі, яго западозрылі ў сувязі з партызанамі. Накінулі вяроўку на шыю, потым вадзілі па вёсцы. Цэлы тыдзень вісеў ён на дрэве.
У 1944 годзе немцы схапілі бацьку Сцяпана Майсюка, Клімента Сцяпанавіча, і яшчэ трох вяскоўцаў: Фёдара і Сымона Цярэшкаў, Івана Ламаку, прымусілі іх выкапаць яму і затым расстралялі.
А пасля наогул сагналі ўсіх жыхароў Дварка ў старую хату (яе празвалі гета), цэлы тыдзень у ёй утрымлівалі 113 чалавек (111 сваіх і 2 з Лупачоў). Нейкі аўстрыяк з Букштава (застаўся тут з часоў першай сусветнай вайны) выпадкова прыехаў у вёску і пераканаў паліцаяў, што жыхары Дварка здавалі ў якасці падатка ўсё, што патрабавалася.
Зараз у вёсцы толькі 11 жылых хат, у іх пражывае 20 мужчын і жанчын. Вось такі лёс вёскі, якая далёка ад цэнтра, але паблізу добрай асфальтаванай дарогі. Цяжка сказаць, ці адродзіцца яна. Але верыцца, што шанцы на выжыванне ёсць.
Сцежкамі Мастоўшчыны, №2, 2007 год

