Нацкава
![]() |
У пзўнай меры ўзрост населенага пункта дапамагаюць вызначыць дрэвы, якія раслі на вуліцах. Праўда, у сувязі з добраўпарадкаваннем вёсак, пашыраліся вуліцы, падсыпалі іх жвірам ці нават асфальтавалі. Давялося знішчыць векавыя таполі, ліпы і іншыя дрэвы-доўгажыхары. Шмат тоўстых высачэзных таполяў было пасярод вёскі Нацкава. Іх знішчылі. Разам з дрэвамі была знішчана памяць і гісторыя. А старажылы сцвярджалі, што ім было можа і два стагоддзі.
У архіве г. Гродна давялося пазнаёміцца з інвентаром маёнтка Засценак за 1816 год, да якога адносілася і вёска Нацкава са сваёй загадкавай назвай. Дарэчы, ужо мала хто памятае, дзе быў сам маёнтак уладальніка, толькі захавалася назва ўрочышча ў канцы вёскі па дарозе на Ланцавічы. У інвентары адзначаецца, што да маёнтка ішла дарога з Дзярэчына.
На паходжанне назвы вёскі пакуль што няма адзінага погляду. Адны сцвярджаюць, што яна паходзіць ад імя памешчыка Нацкага. Ёсць другое меркаванне: на чале роду, які заснаваў пасяленне, бала жанчына па імені Надзея. Гэта славянскае імя, ласкальная форма якога гучыць як Надзька, на пісьме замацавалася размоўная форма Нацька, а прадаўжальнікі роду былі Нацькавы. Дарэчы, у дакументах адзначана назва праз "ц" з мяккім знакам.
Як і большасць паселішчаў, Нацкава прымасцілася на ўскрайку балота, якое вядома пад назвай Схеды. Яно пачыналася літаральна з захаду, бо вёска выцягнулася з поўначы на поўдзень. Зямельныя ўчасткі размяшчаліся з усходу і ўпіраліся ў лес, за якім знаходзіцца вёска Курылавічы. Яна таксама належала да маёнтка Засценак.
У 1816 г. у Нацкава жылі 362 жыхары, з іх 178 мужчын і 184 жанчыны. Яны пражывалі ў 43 дварах. Пералік двароў і іх гаспадароў пачынаецца з поўдня, г. зн. ад вёскі Ланцавічы. Першым быў двор Мацеюша Серады, якому тады было 50 гадоў. Дарэчы, гэта адзіны двор з такім прозвішчам. Пазней у вёсцы будзе некалькі сем'яў з прозвішчам Серада.
Другім быў двор 50-гадовага Грыгора Пяткі. А наогул, гэта самае распаўсюджанае ў вёсцы прозвішча. Усяго пад такім розвішчам запісана сем двароў. Гэта ляснік, удавец Паўлюк Пятка, каваль, 70-гадовы Хведар Пятка, Кандрат Пятка, Васіль Пятка, Міхась Пятка, Якім Пятка.
У трэцім двары пражываў 60-гадовы Ігнат Бялт са сваёй сям'ёй. Дарэчы, гэта таксама адно з распаўсюджаных прозвішчаў. Яго носіць шэсць двароў. Праўда, двары з гэтым прозвішчам раскіданы па ўсёй вёсцы. Так, у 20-м двары жыў удавец Іосіф Бялт, у 22-м -Томаш Бялт, у 28-м - Сцяпан Бялт, у 35-м - 80-гадовы Дамянік Бялт.
Трэцім распаўсюджаным прозвішчам было Дзягель. Гэтае прозвішча насілі жыхары пяці двароў. Яны былі размешчаны ў асноўным у другой палове вёскі, як кажуць вяскоўцы, пад Займішчам. Гэта Змітрук Дзягель, Якаў Дзягель, Паўлюк Дзягель, Мацеюш Дзягель і 50-гадовы Пятрук Дзягель, у якога мелася 10 вулляў пчол. Трэба сказаць, што ў Дзягеляў пакаленнямі перадавалася пчалярства і захавалася да сённяшняга дня. Адзін вулей пчол меў Кандрат Кулак. Якія яшчэ прозвішчы насілі ў той час жыхары вёскі? Тры двары - прозвішча Кулак, па два двары - Сіруць, Сарвас і Суботнік. Захаваліся да нашых дзён прозвішчы Мялешка, Надольнік, Конюх, Масленік, Гайдаш. Хочацца звярнуць увагу на адно прозвішча, якое насілі два двары - Гецман. Яно, відаць, паходзіць ад слоў "гетман", "атаман". Сёння яно гучыць як Ацьман.
Самымі старэйшымі гаспадарамі былі 90-гадовыя ўдавец Цімох Цюкала і Міхалка Конюх. Самыя маладыя - 25-гадовы Паўлюк Гукала і 30-гадовыя Сцяпан Мялешка, Андрэй Суботнік, Якім Пятка, Якуб Гецман і Ежы Прызван. Такія прозвішчы, як Цюкала, Гукала, Прызван, Аніська, Манцэвіч, Пачабыт, зніклі.
Пазней з'явіліся двары з прозвішчамі Таўкун, Майсюк, Касач, Дубіцкі, Бадун, Бароўскі, Махамет і інш. Якім чынам? Відаць, адныя купілі тут участкі, якія па пэўных прычынах сталі пуставаць, другія - прыйшлі ў прымы, а пасля смерці гаспадара сталі валодаць участкам.
Тут невыпадкова звернута ўвага на прозвішчы. Справа ў тым, што ў пачатку 19-га стагоддзя ў нашым краі склалася сучасная сістэма населеных пунктаў і для кожнай вёскі стала ўласціва пэўнае кола прозвішчаў. Новыя прозвішчы з'яўляліся даволі рэдка і былі адзінкавымі, як адзінкавыя і знікалі.
I яшчэ на адну акалічнасць хочацца звярнуць увагу. Вёска Нацкава была ў той час адной з самых вялікіх ў акрузе, бо была размешчана ў зручным месцы. Каля вёскі праходзіла дарога на Дзярэчын. Аднак пасля дарога памяняла напрамак і пайшла праз Курылавічы, і Нацкава заняпала. Ворная зямля вакол вёскі была невысокай якасці, сенажаці размяшчаліся ў паніжаных і забалочаных мясцінах, таму давалі мала сена. Выжыць дапамагала працавітасць гэтых людзей. Такімі яны засталіся і сёння.
Аляксей Сабасцян, "Сцежкамі мастоўшчыны"№2, лістапад, 2007г.,


