ЯНЫ БЫЛІ РЭПРЭСАВАНЫЯ У РАСІІ
![]() |
| Дзмітрый Краснапеўцаў |
У апошні час у друку ўсё больш змяшчаецца матэрыялаў пра рэпрэсіі ў 30-я гады ў СССР, усё больш называецца прозвішчаў тых, хто незаконна быў абвінавачаны і прыцягнуты да адказнасці. У нашым краі першыя масавыя рэпрэсіі пачаліся ў другой палове 40-х гадоў. Прозвішчы гэтых людзей выяўлены і змешчаны ў кнізе “Памяць. Мастоўскі раён.”
Аднак нядаўна знойдзены прозвішчы яшчэ 24 нашых землякоў, якія былі рэпрэсіраваныя ў 30-я гады ў розных месцах СССР. Бальшыня з іх апынулася ў Расіі ў 1914-15 гадах, пасля пачатку Першай Сусветнай вайны, калі фронт стаў набліжацца да нашых мясцін і тысячы людзей падаліся ў бежанства ў глыбіню тэрыторыі Расійскай імперыі. Тады не было ніводнай вёскі, дзе б людзі не пакідалі свае ўласныя дамы перад пагрозай прыходу немцаў. Расія не была падрыхтаваная, каб прыняць такую вялікую колькасць перасяленцаў. Яны апынуліся ў цяжкіх умовах. У 1921 годзе, пасля бальшавіцкага перавароту і пасля заканчэння савецка-польскай вайны, калі на нашых землях усталявалася ўлада ІІ Рэчы Паспалітай і наступіла адносная стабілізацыя жыцця, пачалося масавая вяртанне бежанцаў у родныя мясціны.
Аднак не ўсе вярнуліся дамоў. Частка засталася ў Савецкай Расіі. Прычыны гэтаму былі розныя. Хтосьці не хацеў вяртацца ў чужую для яго Польшчу і далучыўся да актыўнага “будаўніцтва” камунізма ў краіне Саветаў. А хтосьці проста знайшоў там добрую працу і ўладкаваў сваё сямейнае жыццё.
Рэпрэсіраваныя былі ўраджэнцамі розных населеных пунктаў Мастоўшчыны. Так, чатыры чалавекі былі родам з вёскі Зарудаў’е, па два – з вёсак Дубна, Мікелеўшчына, Казейкі, Рагозніца, па аднаму з Сухініч, Малькавіч, Бялавіч, Песак, Сцяпанішак і іншых вёсак. Яны пражывалі ў розных месцах СССР – ад Ленінграда да Краснаярскага краю, працавалі на чыгунцы, у будаўніцтве, на заводах, у калгасах.
Большая палова прыгаворана да расстрэлу. Прыгаворы выносіліся Асобай Нарадай НКУС ці Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР (так званай “двойкай”). Прыгавор да расстрэлу выконваўся праз некалькі дзён пасля вынясення...
Відавочна, што гэты спіс не канчатковы. На жаль, ён будзе папаўняцца па меры таго, як будуць адчыняцца і даследавацца ўсё новыя і новыя архіўныя фонды ВЧК-НКУС-КДБ СССР. Магчыма, хтосьці з чытачоў знойдзе ў гэтым спісе сваіх землякоў ці родных...
Біспінг Казімір Іосіфавіч, нарадзіўся 24. 2. 1887, маёнтак Струбніца, вайсковец, з шляхецкай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Служыў у царскай і польскай арміях. Жанаты, меў 3 дзяцей. Арыштаваны 12. 10. 1939 ва ўласным маёнтку. Асуджаны 3. 2. 1941 Асобай Нарадай НКУС за “удзел у барацьбе з Чырвонай Арміяй” на 8 гадоў Працоўна-Папраўчага Лагеру (ППЛ) і 3 гады паразы ў правох. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 6. 12. 1993 Прэзідыумам Вярхоўнага Суда Беларусі.
Бойка Іван Пятровіч, 1892г. н., ураджэнец в. Казейкі, беспартыйны, дыспетчар-аналізатар Ленінградскага чыгуначнага вузла, жыў па адрасе: г. Краснагвардзейск Ленінградскай вобласці, д. 15, кв. 1. Арыштаваны 23. 9. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР прысуджаны паводле артыкула 58-6-9-11 да вышэйшай меры пакарання (ВМП) . Растраляны ў Ленінградзе 14. 10. 1937.
Бурнос Міхал, 1907г. н., ураджэнец в. Зарудаў’е, член ВКП(б) у 1928-37 гадах, студэнт 1-га Медычнага Інстытута, жыў па адрасе: г. Ленінград, узбярэжжа р. Карпоўкі, д. 22, кв. 20. Арыштаваны 11. 11. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР прысуджаны паводле артыкула 58-6 да ВМП. Растраляны 24. 11. 1937.
Зайцаў (Заяц) Міхал,1870г. н., ураджэнец в. Самуйлавічы, беспартыйны, галоўны кандуктар пасажырскіх цягнікоў на ўчастку Мурманск-Імандра Кіраўскай чыгункі, жыў па адрасе: ст. Кола. Арыштаваны 24. 9. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 3. 11. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-9-10-11 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 12. 11. 1937.
Заяц Іван, 1920г. н., ураджэнец в. Рагозніца, лагерны зняволены. Арыштаваны 26. 12. 1950. Асуджаны 11. 1. 1951 лагерным судом Мінеральнага лагеру МВД СССР паводле артыкула 58-14 на 5 гадоў зняволення і 3 гады паразы ў правох.
Кадак Дзям’ян Якаўлевіч, 1886г. н., ураджэнец в. Зарудаў’е. Калгаснік у в. Безурань Краснаярскага Краю. 28. 5. 1938 тройкай Упраўлення НКУС Краснаярскага Краю прысуджаны да растрэлу.
Ківеровіч Язэп, 895г. н., ураджэнец в. Лаўна, беспартыйны, паравозны машыніст “Северанікеля”, жыў па адрасе: ст. Токары Кіраўскай чыгункі. Арыштаваны 11. 9. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 15. 11. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-7-9-10 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 21. 11. 1937.
Красько Якаў, 1883г. н., ураджэнец в. Зарудаў’е. Калгаснік у в. Безурань Краснаярскага Краю. 28. 5. 1938 тройкай Упраўлення НКУС Краснаярскага Краю прысуджаны да растрэлу. Справу вялі следчыя Мазін і Маціцын. 22. 9. 1962 рэабілітаваны крайсудом Краснаярскага Краю.
Кучун Фёдар Міхайлавіч, 1895г. н., жыхар в. Сцяпанішкі, селянін-аднаасобнік. Арыштаваны 11. 4. 1940. Абвінавачаны ў правядзенні антысавецкай агітацыі. Асуджаны на 5 гадоў ППЛ. Адбываў пакаранне ў пасёлку Ухта Комі АССР. Вызвалены 15. 9. 1941. па ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб амністыі польскіх грамадзян. Паехаў на выбранае ім месца жыхарства ў горад Бузулук Арэнбурскай вобласці. Звестак пра далейшы лёс няма. Рэабілітаваны 15. 5. 1989 Пракуратурай і Упраўленнем КДБ Гродзенскай вобласці.
Лабаноўскі Юліян, 1883г. н., ураджэнец в. Пескі, беспартыйны, намеснік галоўнага бухгалтара будаўніцтва Дому Саветаў, пражываў па адрасе: г. Ленінград, вул. Чэхава, д. 2, кв. 11. Арыштаваны 8. 10. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 10. 12. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-6-10-11 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 16. 12. 1937.
Лагонда Георгій, 1896г. н., ураджэнец в. Ляткі, беспартыйны, загадчык канторы ст. Ленінград-Таварны Віцебскай лініі Акцябрскай чыгункі, пражываў па адрасе: г. Краснагвардзейск Ленінградскай вобласці, вул. Пралетарская, д. 46. Арыштаваны 27. 9. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 10. 10. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-6-9-11 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 14. 10. 1937.
Лазоўскі Трафім Якаўлевіч, 1891г. н., ураджэнец в. Бялавічы, беспартыйны, стрэлачнік ст. Аяць Кіраўскай чыгункі, пражываў па адрасе: пасёлак Чэгла Паскага раёна Ленінградскай вобласці. Арыштаваны 4. 11. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 15. 11. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-6-9 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 21. 11. 1937.
Малышка Станіслаў,1893г. н., ураджэнец в. Рагозніца, беспартыйны, машыніст халадзільніка ў г. Кранштадт Ленінградскай вобласці, пражываў па месцы працы: г. Кранштадт, вул. Бальшавіцкая, д. 6, кв. 6. Арыштаваны 18. 9. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 10. 12. 1937 прысуджаны паводле артыкула 19-58-8 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 16. 12. 1937.
Мандзікаў (Мандзік) Рыгор, 1896г. н., ураджэнец в. Малькавічы, непісьменны, раскулачаны. Арыштаваны ў Краснаярскім краі па справе Ісайчанкі. 28. 5. 1938 тройкай Упраўлення НКУС прысуджаны да растрэлу. Рэабілітаваны ў 1960 годзе крайсудом Краснаярскага Краю.
Мулярчык Аляксей Мартынавіч, 1904г. н., ураджэнец в. Зарудаў’е, член ВКП(б) у 1927-1937 гадах, студэнт Інстытута савецкага права, пражываў па адрасе: г. Ленінград, вул. Ардынатарская, д. 5, кв. 32. Арыштаваны 17. 11. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 2. 12. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-6-9 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 8. 12. 1937.
Пакалюк Рыгор, 1903г. н., ураджэнец в. Дубна, нарміроўшчык на Канскім лесазаводзе. 14. 12. 1937 Асобай Нарадай НКУС асуджаны на 10 гадоў ППЛ. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1956 годзе крайсудом Краснаярскага Краю.
Патапаў Мікалай, 1886г. н., ураджэнец в. Стральцы, на момант арышту знаходзіўся ў адміністрацыйнай высылцы ў Бальша-Мурцінскім раёне Краснаярскага Краю. 14. 9. 1937 арыштаваны і змешчаны ў краснаярскую турму. 27. 11. 1937 тройкай Упраўлення НКУС, пратакол №109, прысуджаны да растрэлу ў справе №6048. 30. 11. 1937 растраляны ў Краснаярску.
Піхун Канстанцін, 1894г. н., ураджэнец в. Шчарбавічы, беспартыйны, страгальшчык заводу імя Макса Гельца, пражываў па адрасе: г. Ленінград, пр. Стара-Парголаўскі, д. 32, кв. 5. Арыштаваны 21. 8. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 1. 10. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-6-9 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 6. 10. 1937.
Пронскі Сігізмунд Іванавіч, 1881г. н., ураджэнец в. Мікелеўшчына, селянін-аднаасобнік у в. Беласток Томскай вобласці. Арыштаваны ў красавіку 1931г. Вызвалены ў сакавіку 1932г. Другі раз арыштаваны ў 1937г. у г. Томск, дзе працаваў вартаўніком у костна-сухотным дыспансэры. Растраляны 22. 10. 1937.
Пронскі Станіслаў Іванавіч,1883г. н., ураджэнец в. Мікелеўшчына, столяр дзяржбанку ў г. Томск. Арыштаваны 14. 1. 1938. Растраляны 1. 4. 1938.
Сідараў Георгій, 1883г. н., ураджэнец в. Казейкі, прараб управы вайскова-будаўнічых работ, пражываў па адрасе: г. Мурманск, пр. Леніна, д. 26, кв. 6. Арыштаваны 3. 6. 1940. Асобай Нарадай НКУС 19. 8. 1940 асуджаны паводле артыкула 58-10 на 8 гадоў ППЛ. Рэабілітаваны 27. 4. 1989 пракуратурай г. Мурманск.
Стрыга Селіверст Антонавіч,1903г. н., ураджэнец в. Сухінічы, зняволены Ухтіжэўлагу НКУС. Арыштаваны 28. 1. 1942. Вярхоўным Судом Комі АССР пры Ухтіжэўлагу НКУС 15. 8. 1942 асуджаны паводле артыкула 58-10 на 5 гадоў зняволення і 3 гады паразы ў правох.
Халько Іван,1889г. н., ураджэнец в. Дубна, беспартыйны, бухгалтар будаўніцтва сударамонтнага заводу Сеўмаршляху, пражываў па адрасе: г. Мурманск, пасёлак Роста, д. 2, кв. 11. Арыштаваны 23. 10. 1937. Камісіяй НКУС і Пракуратуры СССР 2. 12. 1937 прысуджаны паводле артыкула 58-9-10-11 да ВМП. Растраляны ў Ленінградзе 8. 12. 1937. Рэабілітаваны 3. 9. 1957 Вайсковым трыбуналам Ленінградскай вобласці.
Чушкевіч Ева Адамаўна, 1885г. н., ураджэнка в. Пясчанка, баптыстка, зняволеная Беламора-Балтыйскага камбіната НКУС. Арыштаваная 10. 8. 1937. Тройкай НКУС Карэльскай АССР 20. 9. 1937 прысуджаная паводле артыкула 58-11 да ВМП. Растраляная 3. 10. 1937 на ст. Мядзвежая Гара (Сандармох). Рэабілітаваная пракурорам Карэліі 29. 4. 1989.
Падрыхтаваў Дзмітрый Краснапеўцаў,
інфармацыя з сайта www.martyralog.org


