БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
Пра касцёл Найсвяцейшай Тройцы, рэшткі якога і сёння стаяць у паўночнай частцы мястэчка Воўчын, размешчаным кіламетраў за дзесяць на поўдні ад горада Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, не чуў хіба толькі той, хто зусім не цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй Радзімы. І гэта не здзіўляе, бо нават у разбураным стане святыня ўражвае гарманічнасцю прапорцый і вытанчанасцю архітэктурнага вырашэння. Гэты касцёл – найпрыгажэйшы ўзор сталага барока, але самае галоўнае, што вылучае святыню з дзесяткаў шэдэўраў культавага дойлідства Беларусі, тое, што менавіта тут быў ахрышчаны, а ў канцы жыццёвага шляху і пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
![]() | ![]() | |
| Святыня ў Воўчыне. | Святыня ў Ябланаве. |
І пра касцёл, і пра караля шмат напісана і ў спецыялізаваных выданнях, і ў перыёдыцы. Згадаем, што мураваны касцёл у Воўчыне быў пабудаваны італьянскім архітэктарам (яго імя пакуль невядома) у 1733 годзе па фундацыі падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Станіслава Цялка Панятоўскага пры парадным уездзе ў яго палаца-паркавую рэзідэнцыю і кансэкраваны ў 1743 годзе біскупам берасцейскім і луцкім Францішкам Кабельскім пад поўным тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, біскупа. Менавіта тут, у Воўчыне, спадчынным гняздзе Панятоўскіх, у 1732 г. у фундатара святыні нарадзіўся сын – будучы апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст, які быў ахрышчаны ў новым касцёле ў наступным, 1733 годзе.
У 1733 г. (па іншых звестках – каля 1744 г.) Воўчын стаў уласнасцю Чартарыйскіх, пры якіх у сярэдзіне другой паловы XVIII ст., разам з узвядзеннем новага палаца, касцёл быў рэканструяваны і ў выніку плённай працы архітэктара Іаахіма Хэмпла і мастака Пташынскага набыў рысы стылю ракако.
Касцёл пабудаваны ў выглядзе цэнтрычнай квадратнай у плане ратонды са зрэзанымі вугламі, накрытай васьміскатным шатровым дахам, завершанай ажурнай чацверыковай вежачкай-«банькай». Усе чатыры фасады аднолькавыя, дэкараваныя падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэра, апаясаныя антаблементам з шматпрофільным карнізам. Уваходны (заходні) фасад выдзелены невялікай аркавай крухтай. Ваконныя праёмы размешчаны ў два ярусы на галоўных фасадах і ў тры – на вуглавых.
Інтэр’ер касцёла таксама цэнтрычны. План малітоўнай залы нагадвае па форме раўнаканцовы крыж, па вуглах размешчаны авальныя ў плане трох’ярусныя аб’ёмы з лоджыямі ў другім ярусе, куды вялі вінтавыя лесвіцы. Сцены падзелены шырокім антаблементам на два ярусы: ніжні, больш высокі, падзелены пілястрамі карынфскага ордэра, а верхні – тонкімі лапаткамі і ўпрыгожаны ляпнымі дэталямі, барэльефамі з выявамі серафімаў. Малітоўная зала перакрыта пляскатай падшыўной столлю, над уваходам размешчаны арганныя хоры ў форме балкона.
Воўчынская святыня, безумоўна, пабудавана пад уплывам аналагічных рымскіх святыняў, такіх як касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі або суседні, падобны да яго касцёл на плошчы Венецыі перад форумам Траяна.
![]() |
![]() |
| План і разрэз святыні |
У пачатку 1990-х гадоў адзіныя ў Беларусі астанкі сапраўднага, няхай і апошняга, караля былі перададзеныя Польшчы і пахаваны ў варшаўскім катэдральным касцёле. Потым, спахапіўшыся, пачалі гаварыць, што ў руінах адкапалі не ўсё, і кароль усё яшчэ ляжыць пад абрынутымі скляпеннямі, а не так даўно быў створаны Рэспубліканскі фонд па рэстаўрацыі святыні. Зрэшты, гэта ўжо іншая гісторыя...
Унікальнасць воўчынскага касцёла для нашай дзяржавы цалкам відавочная і бясспрэчная, а ўсё сказанае намі вышэй шырока вядомае, але мала хто ведае пра тое, што на Беларусі існуе практычна амаль копія воўчынскай святыні. Яна таксама стаіць пры ўездзе ў маёнтак, пабудавана ў той жа час і ў тым жа стылі, мае цалкам такі ж цэнтрычны квадратны план і будаўнічы аб’ём, тыя ж аб’ёмы-лоджыі па вуглах, тую ж яруснасць ваконных праёмаў на аднолькавых фасадах, тую ж таўшчыню сценаў і такія самыя прыёмы цаглянай кладкі. Адрозненні заўважныя значна менш, чым падабенства. Падвоеныя пілястры фасадаў і інтэр’ера створаны на аснове іанічнага ордэра, а не карынфскага. Няма ўваходнага тамбура (крухты), няма паўцыркульных завяршэнняў франтонаў фасада, але, магчыма, яны проста не захаваліся, бо стан святыні цалкам адпавядае воўчынскаму касцёлу – гэта таксама безжыццёвыя руіны. Асабліва цікавы прыём дэкаравання тынкоўкі фасадаў: плоскасці паміж пілястрамі запоўненыя маленькімі ямачкамі-кропачкамі, што стварае цікавы эфект вылучэння пілястраў пры іх адносна невялікай таўшчыні (усяго 6 см). Заўважым, што ў цэлым дэкор гэтай святыні больш сціплы ў параўнанні з воўчынскім касцёлам, а знаходзіцца святыня ў вёсцы Ябланава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, і пакуль што пра яе амаль нічога не вядома, апрача таго, што з сярэдзіны XVIII ст. яна дзейнічала як капліца лунскай парафіі.
![]() |
| План святыні |
Пасля смерці сваёй жонкі Ганны А. Ябланоўскі, ужо ў 50-гадовым узросце, ажаніўся з 15-гадовай прыгажуняй-князёўнай Францішкай Вікторыяй Варанецкай, выхаванкай Браніцкіх. Вяселле адбылося 5 жніўня 1766 г. з урачыстым вянчаннем у ябланаўскай капліцы.
У 1816 г., пасля смерці Францішкі, яе сын Аўгуст Дабрагост Ябланоўскі прадаў Ябланава, а разам з ім і яшчэ некалькі маёнткаў князю Варанецкаму. Потым Ябланава належала Эйсмантам, Лубеньскім, і ўсім ім капліца працягвала служыць як сямейная святыня. Ёсць звесткі, што маёнтак у Ябланаве ў 1860-я гг. маляваў знакаміты Напалеон Орда, аднак пакуль мы не ведаем, ці знайшлося на акварэлі майстра месца для выявы капліцы.
![]() | ![]() | |
| Святыня ў Воўчыне. | Святыня ў Ябланаве. |
Дакладная дата ўзвядзення ябланаўскай святыні невядомая, але відавочна, што яна з’явілася ў перыяд з 1740 да 1764 года. Ці прымалі ўдзел у яе будаўніцтве майстры, што ўзводзілі воўчынскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы, ці яе стваральнікі натхняліся працаю сваіх папярэднікаў, пакуль невядома.
Як не захаваўся сядзібны комплекс Панятоўскіх-Чартарыйскіх у Воўчыне, ад якога засталіся толькі руіны касцёла-пахавальні, так і руіны ябланаўскай капліцы – адзінае, што захавалася ад наднёманскай сядзібы Ябланоўскіх-Варанецкіх. Розніца толькі ў тым, што тапоніма «Ябланава» ўжо няма (некалькі домікаў побач з капліцай лічацца часткай вёскі Шчэчыцы).
Такім чынам, выяўленне гэтага цікавага помніка архітэктуры ставіць больш пытанняў, чым дае адказаў. Будзем спадзявацца – пакуль. Цяпер справа за гісторыкамі.
- Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. Мн., 1993.
- Т. В. Габрусь. «Мураваныя харалы. Сакральная архітэктура беларускага барока». Мн., 2001.
- Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Мн., 1985–1988.
- Лявон Карповіч. «Наднёманскае Ябланава». «Тэлескоп», Наднёманская краёвая газета. 4 (191) / 21.10.2004.
- Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Мн., 1994–2001.
- Anna Lewkowska, Jacek Lewkowski, Wojcech Walczak. «Zabytkowe cmentarze na kresach wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej. Województwo Poleskie». T III. Warszawa. 2000.
- Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa. 1882.
- «Spis kościołów i duchowieństwa Diecezji Pińskiej». Pińsk. 1937.
Здымак Ябланоўскай капліцы на zdymki.com








